Білінгвізм

Маўленчае развіццё дзяцей у Беларусі адбываецца ў сітуацыі блізкароднаснага руска-беларускага білінгвізму. Першай мовай, якой авалодваюць дзеці дашкольнага ўзросту, выступае руская. Пры гэтым прывучэнне дзяцей да беларускай мовы адбываецца таксама даволі рана. Дзеці чуюць яе па радыё, тэлебачанні, у дзіцячым садзе (асобныя заняткі, святы). У выхаванцаў ствараюцца "жыццёвыя" ўяўленні аб рускай і беларускай мовах, назіраецца паступовае свядомае адрозненне гэтых моў.

Авалоданне беларускай мовай спрыяе фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці дзіцяці. Што да засваення рускай мовы, то рускамоўныя зносіны пашыраюць камунікатыўную асяроддзе выхаванцаў, садзейнічаюць іх далучэнню да сусветнай культуры. Адначасовае ж авалоданне дзецьмі дашкольнага ўзросту дзвюма мовамі (рускай і беларускай) пашырае іх светапогляд, спрыяе развіццю палікультурнай свядомасці і павялічвае патэнцыяльныя маўленчыя магчымасці.

Улічваючы тое, што беларуская мова для беларускіх дзяцей з'яўляецца роднай у асноўным па крытэрыях ідэнтыфікацыі, Н. С. Старжынская (прафесар кафедры методык дашкольнай адукацыі, доктар педагагічных навук) сцвярджае, што яе неабходна пачынаць вывучаць як мага раней, з моманту наведвання дзіцяці ўстановы дашкольнай адукацыі. Што тычыцца спецыяльных заняткаў па навучанні беларускай мовы ва ўстановах дашкольнай адукацыі з рускай мовай навучання, то яны павінны праводзіцца з дзецьмі, пачынаючы з сярэдняга дашкольнага ўзросту. А таксама, пры пажаданні   бацькоў пачынаць навучанне беларускай мовы дзяцей з  першай малодшай групы( беларускамоўная група)

Асноўнымі спецыяльнымі метадамі навучання дзяцей беларускай мове выступаюць: прамы, супастаўляльны і камбінаваны метады.

Навучанне выхаванцаў беларускай мове на аснове прамога метаду арганізуецца шляхам «пагружэння» ў моўнае асяроддзе. Яно адбываецца без апоры на рускую мову. Дадзены метад атрымаў назву метаду імерсіі (татальны або поўны). Аднак, у практыцы работы ўстаноў дашкольнай адукацыі з рускай мовай навучання найбольш прымальнай з'яўляецца метад мяккай імерсіі, які прадугледжвае паступовае ўвядзенне беларускай мовы ў працэс навучання. Таксама шырока выкарыстоўваецца ў практыцы білінгвальнага навучання частковая імерсія, якая прадугледжвае арганізацыю працэсу навучання сродкамі дзвюх моў.

Супастаўляльны метад навучання дзяцей беларускай мове прадугледжвае апору на рускую. Засваенне беларускай мовы адбываецца на аснове аналізу, супастаўлення і абагульнення дзвюх моўных сістэм. Пры гэтым навучанне дзяцей беларускай мове пры дапамозе супастаўляльнага метаду заснавана на мадэлі пераносу моўных навыкаў з рускай мовы на беларускую.

Пры камбінаваным выкарыстоўваюцца прыёмы дзвюх першых метадаў.

З мэтай паспяховага фарміравання двухмоўя пажадана стварыць ва ўстанове дашкольнай адукацыі спецыяльнае камунікатыўнае асяроддзе, якое прадугледжвае прысутнасць дзвюх моў ва ўсіх відах дзіцячай дзейнасці і арганізацыю спецыяльных заняткаў па развіцці маўлення дзяцей на дзвюх мовах.

Як паказвае мой вопыт працы, паспяховаму авалоданню маўленчымі навыкамі дзяцей на беларускай мове спрыяе арганізацыя спецыяльных заняткаў на беларускай мове, дачыненне да беларускай мовы ў пасіўнай форме з дзецьмі ад 3-х да 4-х гадоў у час слухання беларускіх песень, твораў мастацкай літаратуры, фальклору, прагляду мультфільмаў; прысутнасць дзяцей малодшага і сярэдняга дашкольнага ўзросту на святах, канцэртах, спектаклях, якія праводзяцца дзецьмі старэйшага дашкольнага ўзросту на беларускай мове; увядзенне ў нерэгламентаваную дзейнасць беларускіх гульняў, праслухоўванне запісаў казак, вершаў на беларускай мове; наладжванне дзейсна-арыентаваных зносін: інсцэніроўкі, ролевыя гульні, гульні-драматызацыі на беларускай мове; арганізацыя адукацыйных сітуацый у розных відах дзейнасці на беларускай мове.

Калі педагогі з'яўляюцца носьбітамі мовы, гэта гарантыя таго, што дзіця паспяхова авалодае камунікатыўнымі навыкамі на беларускай мове.